Аднойчы амерыканскі акцёр, прадзюсер і драматург Вудроў Трэйсі Харрэльсон сказаў: «Адвакаты – вось лепшыя акцёры. І лепшыя драмы разгортваюцца не ў тэатры, а ў будынку суда. Бо розніца паміж выкананнем маналогу перад гледачамі і выкананнем маналогу перад прысяжнымі настолькі малая, што амаль непрыкметная. Прычым добрыя адвакаты гуляюць нашмат лепш, чым добрыя акцёры. Але я не хвалююся. Усё ж такі лепш быць дрэнным акцёрам, чым добрым адвакатам.»

У красавіку 2019 г. ў старшыні абласной калегіі Т.А. Шатлікавай узнікла геніяльная ідэя пастаноўкі спектакля сіламі адвакатаў нашай калегіі. Выбар спектакля быў давераны мне з улікам майго вопыту ўдзелу ў тэатральных пастаноўках у перыяд студэнцтва. Я, доўга не думаючы, выбрала п’есу В. Дуніна-Марцінкевіча ў жанры фарс-вадэвілю “Пінская шляхта”.

Падрыхтоўка да пастаноўкі была вельмі сур’ёзнай. З асаблівай скрупулёзнасцю падбіраўся акцёрскі склад з улікам знешніх дадзеных і манеры паводзін кожнага персанажу. На працягу больш шасці месяцаў адвакаты адточвалі сваё акцёрскае майстэрства: па-доўгу рэпетыраваліся асобныя сцэны будучага спектакля, з вялікімі намаганнямі ставіўся вакал. Акцёры самі прыдумвалі і шылі сабе касцюмы, падбіралі дэкарацыі, задзейнічаўшы намаганні ўсіх сваіх не толькі родных і калег, але знаёмых і мала знаемых людзей, каб патрэслі бабульчыныя куфары. Да ладу прыйшоўся ўвесь сабраны рэквізіт: і калаўрот, і чыгун з віламі, і граблі, саматканыя рушнікі і дарожкі, розныя пляшкі і збанкі, а таксама гарбузы, вязанкі сушоных грыбоў і рыбы, і многае другое. Усіх уразілі незвычайныя здольнасці адвакатаў Юрыя Бядулі і Вадзіма Шаўчэнкi, якія за кароткі час сваімі рукамі змайстравалі пячаць для Кручкова і кій для Куторгі. Нават польку “Чумадрыха”, пад якую танчылі ўдзельнікі спектакля, запiсалi  ў музычнай студыi пад кіраўніцтвам і ў выкананні Паўла Алесiка і Святланы Халаловіч. Здавалася, ўсё было прадумана да дробязяў. Нягледзячы на гэта, многія сцэны былі зменены ў апошні момант перад выхадам на сцэну, у тым ліку і благаславенне Кручковым маладых Статутам Княства Літоўскага. Толькі за дзень да прэм’еры  быў канчаткова пастаўлены танец шляхты. Усе былі адначасова і акцёрамі, і рэжысёрамі.

«Пінская шляхта» – гэта жыццёвая гісторыя з сатырычным высмейваннем дзеючых асоб, актуальная на ўсе часы.

У п’есе едка высмейваецца царскі суд: тыя, хто павінен ахоўваць законы і строга іх прытрымлівацца, першымі ж іх і парушаюць. Распавядаецца аб пагардлівых дробных шляхціцах, якія па сваім матэрыяльным становішчы і ладу жыцця не нашмат адрозніваюцца ад сялян, але не могуць дараваць адзін аднаму «мужыцкае» абразы. Пры гэтым яны панічна баяцца тых, хто мае над імі ўладу.

Два збяднелых, але гордых шляхціца Піншчыны – Ціхон Пратасавіцкі і Іван Цюхай-Ліпскі “п’яныя, звяліся ды пабіліся паміж сабою за шляхецтва, бо адзін другога назваў мужыком”. Сварка бацькоў пагражае шлюбу закаханых дзяцей: дачкі Пратасавіцкага – Марысі і сына Цюхай-Ліпскага – Грышкi.

Куторга, «шасцідзесяцігадовы кавалер», адзіны сапраўдны шляхціц, хоча ажаніцца на 17-гадовай Марысі, а за гэта гатовы «крыва» прысягнуць на карысць Ціхона Пратасавіцкага. Яму ўдаецца спачатку падмануць бацькоў Марысі, а потым ён спрабуе “атуманіць” розум і маладой дзяўчыне. На разбор справы прыязджае станавы прыстаў Кручкоў, якога шляхта называе не інакш, як «найяснейшая карона”. Гэтаму віртуознаму кручкатвору, які ўмела маніпулюе назвамі неіснуючых заканадаўчых актаў, удаецца прымірыць бацькоў Марысі і Грышкі, заручыць маладых, яшчэ і набраць сабе многа хабару ад запалоханай шляхты.

Прэм’ера спектакля адбылася ў раскошнай вялікай зале лялечнага тэатра г. Брэста і была прымеркавана да святкавання Дня юрыста. Зала была запоўнена да адказу. Але ж былі і такія, што прасілі лішні квіток. Нават работнікі тэатра казалі, што такой запоўненасці залы ў іх не было ніколі.

Гэта быў поспех! Пастаноўка ў выкананні адвакатаў зрабіла сапраўдны фурор!

Гісторыя кахання маладых, двурушнасць і жыццевая запалоханасць мясцовай шляхты, карыслівасць прадстаўніка царскай улады — усе гэта з першых маналогаў момантам захапіла ўвагу гледачоў. Усе адзначылі шчырасць акцёрскай гульні. Як потым дзяліліся ўражаннямі: часам здавалася, што дзеянні адбываюцца ў рэальнасці, а не на сцэне.

Акцёры так увайшлі ў ролі, што гледачы паверылі ў каханне Марысі (Вольгі Пунько) і Грышкі (Віталія Альхавiка), у шчырасць іх пачуццяў. Смех Марысі быў настолькі задорным, што гледачы не змаглі стрымаць свайго.

Пан Пратасавіцкі (Міхаіл Тарасюк) і Куліна (Зінаіда Белая) згулялі так, што многія гаварылі: «як усё жыццё разам пражылі! Вельмі гарманічна глядзеліся». Пасля кожнай прыказкi пана Пратасавiцкага «Хрэн табе ў вочы!» зала выбухала смехам. Iх гульня заводзіла гледача, не пакідаючы абыякавым нікога. У канцы спектакля да Зінаіды Іванаўны падбег яе маленькі ўнук і з непасрэднай дзіцячай шчырасцю захапляўся прыгажосцю яе строю.

Доўга не спыняліся красамоўныя воклікi залы наконт шыкоўнай акцёрскай гульні Iгнацюка Дзмітрыя, які выконваў ролю Кручкова. Ён мае прыроджаны акцёрскі талент, абаянне і харызму. Яму ўдалося перадаць вобраз Кручкова ў яскравай сатырычнай форме: блытаніна ў фактах і законах, знешні выгляд, мова, падобная да страшэннай мешаніны слоў, розных выразаў, запазычаных з судовых дакументаў. Вобраз Кручкова ў выкананні Д. Ігнацюка ствараўся з  позірку, з тэмбру голаса, з кожнага руху. Ён настолькі зліўся з персанажам, што, здаецца, стаў ім на той момант у рэчаіснасці.

Двайніком свайго непасрэднага начальніка Кручкова, яго верным слугою і надзейным памочнікам выступаў пісар Пiсулькiн (Аляксандр Вашкевіч). Усiм надоўга запомніцца фраза ў яго выкананні: «Харашо быць пісьмавадзіцелем у разумнага чалавека! Маляваныя госцікі (грошы) самі ў карман лезуць, не нада і рук выцягваць».

Па-вайсковаму выключнай выглядала са сцэны выпраўка дзясяцкага ў выкананні Янішэўскага Валянціна. Яму цудоўна ўдалося перадаць характар свайго героя, які выступае пасрэднікам паміж мясцовай шляхтай, прадстаўніком якой ён з’яўляецца, і станавым прыставам.

Красамоўным і пераканаўчым быў Алесік Павел у ролі пана Куторгі. Яму ўдалося перадаць усю двурушнасць і непаслядоўнасць гэтага персанажа. Яго доўгія, трапныя маналогі прыкоўвалі да сябе ўвагу гледачоў.

Заўсёды знешне правільны і строгі Аляксандр Сямашка (пан Цюхай-Ліпскі) раскрыўся перад гледачом у новым вобразе. Усе паверылі ў сапраўднасць яго болю ад магутнага ўдару кулаком пана Пратасавіцкага (Тарасюка Міхаіла), аб чым яскрава сведчыў вялікі кровападцёк на твары.

Толькі таленавітаму акцёру ўдаецца раскрыць ролю без слоў так, каб яго персанаж надоўга запомніўся гледачу. Гэта ўдалося зрабіць Людміле Аўраменка – жонцы Цюхай-Ліпскага і астатнім прадстаўнікам мясцовай шляхты, якую у спектаклі выконвалі Вадзім Асіпук, Сяргей Пахолка, Аляксандр Буневіч, Наталля Фоціна, Вольга Мішук, Ларыса Стэльмашук, Іна Равуцкая, Аліна Цупрык, Валянціна Барашкова, Марына Грасевіч, Святлана Халаловіч, Тамара Пунько і прадстаўнікі пінскага рэгіёну ў Брэсцкай абласной калегіі адвакатаў Раіса Пікула і Алег Пашалюк. Кожнага прадстаўніка пінскай шляхты, па словах гледачоў, хацелася разгледзець асобна, бо, нягледзячы на тое, што яны ўдзельнічалі ў масоўцы – кожны быў  па-свойму непаўторны.

Эпізадычныя, але вельмі яркія персанажы ўдаліся Андрэю Буневічу (Цімох Альпенскі) і Аляксандру Грыгаровічу (Базыль Статкевіч). Менавіта Андрэю Буневічу належыць iдэя апошняй сцэны, калi яго герой зацягвае за кулiсы п’янага пана Куторгу з-за закрытай заслоны.

Яго брат Аляксандр Буневіч, выкарыстаўшы свой мінулы вопыт прафесіянальнага танцора, паставiў танец для шляхты і разам са Святланай Халаловіч і Ларысай Стэльмашук навучыў усіх танчыць, нават В. Альхавіка, які першапачаткова наадрэз адказваўся гэта рабіць.

Намеснік старшыні абласной калегіі Пунько Т.Я. умела падабрала песні і пераапрацавала іх пад нашу пастаноўку, а наш дзявочы склад акцёраў таленавіта іх выканаў.

Не паспела закрыцца заслона, як да акцёраў з усіх канцоў залы ляцелі захопленыя гледачы з кветкамі, абдымкамі, пацалункамі, словамі прызнання і падзякі. У зале доўга не сціхала “Брава!!!” Па агульнаму меркаванню ўсе акцёры бліскалі талентам. З усіх канцоў толькі і гучала: «Вялікі дзякуй арганізатарам, сапраўды адчулі свята, акцёрамі захапляемся, вельмі таленавітыя людзі-адвакаты, цікавей было, чым, часам, на прафесійным прадстаўленні!» «Такое было пачуццё, што граюць сапраўдныя акцёры!” “Дзякуй за прыемны вечар і масу станоўчых эмоцый!” “ Гэта было больш, чым па-Станіслаўску!”

Многія казалі, што, калі мы будзем паўторна ставіць гэты спектакль, прыйдуць яшчэ раз і нават за грошы гатовы купіць квіткі!

Прэм’ера ўдалася! Як пішуць у папулярных раманах, спадзяемся, что працяг будзе…

Вольга Пунько, адвакат адвакацкага
бюро “Тарасюк, Ігнацюк і партнёры”

Поделиться:
Share

Спасибо!

Администратор был уведомлен о найденной ошибке

Закрыть