“Ёсць ціхі гарадок над рэчкаю Цною,
сярод лясоў палескіх і балот…….”
Міхась Рудкоўскі
 
Ва ўсе часы самым страшным на зямлі была вайна.
23 чэрвеня 1941 года, натхнёныя першымі поспехамі, гітлераўцы накіравалі свае ўдары з раёна Пінска на Баранавічы, Слуцк, Жыткавічы, у тым ліку былі і Ганцавічы, куды варожыя самалёты пачалі скідаць бомбы. Менавiта такiм чынам вестка пра пачатак вайны прыйшла на Ганцаўшчыну.
З 30 чэрвеня 1941 года Ганцавічы акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Наступілі змрочныя дні. Ворага баяліся, але нават пад страхам смерці многія жыхары гатовы былі падняцца на барацьбу з акупантамі.
На тэрыторыі раёна дзейнічалі Ганцавіцкія падпольныя райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ, партызанскія брыгады імя І.В.Сталіна і імя П.К.Панамарэнкі.
У 1944 г. у ходзе наступлення войскаў 1-га Беларускага фронту на Баранавіцка-Брэсцкім напрамку савецкія войскі ўступілі на тэрыторыю Ганцавіцкага раёна.
Жорсткія баі за вызваленне раёна вяла 48-я гвардзейская Крыварожская стралковая дывізія пад камандаваннем генерала Корчыкава, якая ўваходзіла ў склад арміі генерала Лучынскага.
Вялікую дапамогу наступаючым савецкім войскам аказвалі партызаны. Яны збіралі звесткі аб ворагу, яго дыслакацыі, размяшчэнні баз, аэрадромаў і іншых стратэгічных аб’ектаў. Партызаны трымалі пад сваім кантролем камунікацыі ворага, паказвалі перадавым савецкім часцям зручныя шляхі руху, выдзялялі для іх праваднікоў.
Гітлераўцы ўпарта супраціўляліся, асабліва ў раёне чыгуначнай станцыі.
7 ліпеня 1944 года Ганцавічы былі вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў войскамі 89-стралковага корпуса 61-й арміі 1-га Беларускага фронту і партызанамі брыгады У.І. Леніна Пінскай вобласці.
Гэты ліпеньскі дзень назаўжды стаў для мясцовых жыхароў адным з самых памятных. Ад рук карнікаў у засценках гестапа або ў сутычках з ворагам загінуў кожны чацвёрты жыхар раёна — усяго 8725 душ.
Ганцаўшчына помніць і шануе сваіх герояў-вызваліцеляў, таму імёны многіх абаронцаў нашай зямлі вядомы. Яны выбіты на надмагільнх плітах помнікаў і абеліскаў. Ёсць і тыя, хто прапаў без вестак, але людзі працягваюць шукаць, хоць і не ведаюць аб месцы пахавання роднага чалавека. Невядомыя салдаты палеглі пры адступленні і акружэнні, гінулі ў тыле ворага і антыфашысцкім подполлі, як на сваёй зямлі, так і на чужыне.
Кожны куток раёна помніць, як вайна несла агонь і смерць, кроў і людскія слёзы, спаленыя цалкам вёскі. На тэрыторыі раёна размешчана 47 помнікаў воінскай Славы, з іх 21 воінскія пахаванні.
Адным з іх з’яўляецца Курган Славы.
Курган Славы з’явіўся ў 1967 годзе на ўсходняй ускраіне Ганцавіч ва ўрочышчы Горкі ў памяць аб 8 тысячах жыхароў раёна, знішчаных нямецка-фашысцкімі акупантамі, і 855 земляках — воінах Чырвонай Арміі і партызанах, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Брацкая магіла, дзе пахаваны 88 воінаў і 99 партызан, загінуўшых ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941 — 1944 гадах, яшчэ адно месца памяці ганцавічан.
Сярод пахаваных — экіпаж савецкага бамбавіка 39-га хуткаснага бамбардзіровачнага авіяпалка Заходняга фронту, які загінуў на трэці дзень вайны ў паветраным баі над вёскай Люсіна.
Сведкамі гэтага няроўнага бою 24 чэрвеня 1941 года сталі жыхары Ганцавіч, Люсіна і бліжэйшых вёсак. Бамбавік падбіў два варожыя знішчальнікі, але хутка скончыліся боепрыпасы. Нямецкія лётчыкі атакавалі самалёт. Палаючы бамбавік упаў ва ўрочышча Азярніца побач з чыгункай. Жыхары вёскі Люсіна знайшлі ў загінулага лётчыка дакументы. Гэта быў Апанас Іосіфавіч Пракапенка.
17 верасня 2021 года ў брацкай магіле былі пахаваны знойдзеныя ў балоце каля вескі Раздзялавічы астанкі вайскоўцаў Паншына Мікалая Якаўлевіча і Лосева Мікалая Андрэевіча, членаў экіпажа самалёта ДБ-3ф далёкабамбардзіровачнага авіяцыйнага палка №212, якія загінулі 24 чэрвеня 1941 г. пры выкананні баявога задання.
Ганцавічане свята шануюць памяць тых, хто цаной свайго жыцця адстаяў іх родны край ад ворагаў, подзвіг герояў не забыты!!!
 
Т.П. Гайчук, адвакат юрыдычнай кансультацыi
Ганцавiцкага раёна
Поделиться:
Share

Спасибо!

Администратор был уведомлен о найденной ошибке

Закрыть