Незлічонымі стратамі, палаючымі гарадамі і вёскамі, людскімі пакутамі і мільёнамі абарваных жыццяў увайшла ў нашу гісторыю Вялікая Айчыная вайна.

Зямля Пружаншчыны з першых гадзін апынулася ў агні пажарышчаў і стала месцам жорсткіх баёў. У планах гітлераўскага камандвання лічаныя гадзіны адводзіліся для ўзяцця прыгранічных раёнаў, у тым ліку Шарашоўскага, Пружанскага і Ружанскага. З гэтай мэтай гітлераўскае камандванне забяспечыла значную перавагу сваёй арміі ў жывой сіле і тэхніцы. Нягледзячы на гераізм і стойкасць байцоў і камандзіраў, нашы войскі не змаглі стрымаць войскі праціўніка і вымушаны былі з цяжкімі баямі адступаць. Шмат чырвонаармейцаў палягло на зямлі Пружаншчыны ў тыя крывавыя першыя ваенныя дні.

Мірнае насельніцтва раёна не змагло прыняць ніякіх захадаў, каб засцерагчы ад небяспекі сябе і сваіх блізкіх. Шмат байцоў  і камандзіраў Чырвонай Арміі, якія трапілі ў акружэнне і не здолелі прабіцца праз акупіраваную тэрыторыю, засталіся ў навакольных лясах. Усе акружэнцы імкнуліся трапіць у надзейны гушчар Ружанскай і Белавежскай пушчаў.

Людзі жылі замкнёна, у пастаяным страху за сваё жыццё і лёс родных. Вёскі здаваліся вымерлымі. Баючыся парушыць загад акупацыйных улад, людзі не выходзілі ў лес. Але самым цяжкім было тое, што ніхто не ведаў, як далёка адкацілася вайна.

У такой складанай абстаноўцы нараджаўся і рос патрыятычны рух на Пружаншчыне. У лясах Белавежскай і Ружанскай пушчаў арганізавалася шмат  партызанскіх груп, аснову якіх складалі байцы Чырвонай Арміі.

Вялікая роля ў разгортванні антыфашыстскага падполля на Пружаншчыне належыць нашым землякам – старшыні выканкома Ружанскага пасялковага Сваета І.П. Урбановічу і намесніку старшыні выканкома Ружанскага райсавета І.І. Жышко. Яны былі накіраваны ў глыбокі тыл для арганізацыі партызанскай барацьбы. У снежні 1941 г. была створана Пружанская раённая антыфашыстская арганізацыя. Партызанскі рух набываў массавы характар. У рады патрыётаў-антыфашыстаў вельмі актыўна ўключалася моладзь.

Асаблівай павагі заслугоўвае сям’я Бараноў з вёскі Байкі, кожны член якой вызначыўся мужнасцю і самаадданасцю у той страшны час. Ужо з першых дзён вайны гэтая сям’я пачала арганізоўваць падполле. Перад зімой 1942 г. антыфашысцкі камітэт вырашыў устанавіць каля дома Бараноў партызанскую друкарню. Гэтае месца стала сапраўдным штабам па кіраўніцтву партызанскім рухам. Амаль год тут жылі кіраўнікі антыфашысцкага камітэта барацьбы з акупантамі. А зусім побач стаяў варожы гарнізон. Шмат мужнасці патрабавалася тым, хто знаходзіўся ў зямлянцы і тым, хто жыў побач на віду ў немцаў. У чэрвені 1943 г.  в. Байкі ўскалыхнула новая хваля арыштаў. Таму сям’я Бараноў вымушана была пакінуць вёску і пайсці ў партызаны. У 1944 г. малодшаму Ціхану Барану споўнілася толькі дванаццаць. Але ён смела выконваў любыя заданні партызан. У ракавы дзень 22 студзеня яго паслалі ў вёску. Ён бачыў, як расстрэльвалі людзей, як гарэла яго вёска. Але Ціхана не расстралялі. Немцы даведаліся, што ён партызан і загадалі весці іх у атрад. І Ціхан павёў. Доўга блукаў хлопчык з немцамі па лесе, пакуль тыя не здагадаліся, што ён падманвае. Ціхан быў забіт. Так  піянер з в. Байкі паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна.

У чэрвені 1943 г. згодна з загадам па партызанскім злучэнні Брэсцкай вобласці была створана брыгада імя П.К. Панамарэнкі. Рост і канцэнтрацыя партызанскіх сіл, у працэсе  якіх адбылося аб’яднанне разрозненых груп, значна ўмацавалі партызанскія фарміраванні. Гэта дало магчамасць сумесна і больш актыўна праводзіць баявыя дзеянні. Цяпер партызаны  сталі сістэматычна наносіць удары па чыгунцы і шасейных дарогах.  Актыўную дапамогу партызанскаму руху аказвалі патрыёты-падпольшчыкі. Дзякуючы ім, у лес былі перапраўлены сотні адзінак баявой тэхнікі, боепрыпасаў, медыкаментаў. Патрыёты таксама прымалі ўдзел у баявых дзеяннях. Людзі, як маглі, набліжалі доўгачаканы і светлы дзень вызвалення.

… Ішоў ліпень 1944 г. Набліжалася доўгачаканае вызваленне. Многія жыхары былі ў лясах, у сямейных лагерах пры партызанскіх атрадах брыгады імя П.К. Панамарэнкі, разам з народнымі мсціўцамі ішлі да вызвалення бацькаўшчыны.

Вызваленчыя баі ў Беларусі былі жорсткія. Цяжкасці выклікала і пераадоленне прыродных перашкод – лясіста-балоцістай мясцовасці, шматлікіх вялікіх і малых рэк. Але нішто не магло спыніць рашучасць націску савецкіх войск.  У цяжкіх кравапралітных баях савецкія воіны не шкадавалі ні сіл, ні жыцця.

З набліжэннем часцей Чырвонай Арміі да межаў раёна перад партызанамі брыгады імя П.К. Панамарэнкі была пастаўлена задача перакрыць адыход праціўніку на шашы Косава-Ружаны, а таксама праз Гута-Міхалінскі лес. Партызаны, выконваючы загад, замініравалі ўсе падыходы да гэтых месцаў. Насустрач часцям Чырвонай Арміі выслалі партызан-праваднікоў, якія добра ведалі мясцовасць.

Раніцай 11 ліпеня гітлераўцы пачалі рух па шашы Косава-Ружаны. Але ля в. Квасявічы іх сустрэлі міны і загараджальны агонь партызанскіх атрадаў “Савецкая Беларусь”,  імя М.І. Кутузава.

Адначасова другая калона ворага, рухаючыся  з Косава да в. Бялавічы, наскочыла на мінныя палі і агонь атрада імя Г. Дзімітрова.

Хутка вораг апынуўся ў акружэнні савецкіх войск і партызан. Нягледзяцы на колькасную перавагу ў жывой сіле і тэхніцы, акупантам не ўдалося прарвацца. У 15 гадзін 11 ліпеня праз вёскі, якія ўтрымлівалі партызаны, без перашкод прайшлі далей на захад танкі і артылерыя нашай арміі. У той жа дзень атрады брыгады імя П.К. Панамарэнкі злучыліся з часцямі Чырвонай Арміі.

З 11 па 15 ліпеня было вызвалена большасць вёсак Пружаншчыны.

16 ліпеня завязаліся ўпартыя баі за Пружаны. Фашысты ператварылі райцэнтр у добра ўмацаваны апорны пункт. Але горад быў вызвалены да канца дня. У вызваленні Пружан прымалі ўдзел воіны 50-й, 96-й гвардзейскіх стралковых дывізій 3-га гвардзейскага стралковага корпуса 28-й арміі, 65-га асобнага танкавага палка, 1898-га самаходнага артылерыйскага палка, 63-й гаўбічнай артылерыйскай брыгады, 157-й пушачнай артылерыйскай брыгады 1-га Беларускага фронту.

17 ліпеня ішлі ўпартыя баі ў заходняй частцы раёна. Да канца дня ўся Пружаншчына была ачышчына ад фашысцкіх захопнікаў.

Кветкамі, слязамі радасці і шчасця сустракалі сваіх вызваліцеляў жыхары Пружаншчыны. Яны аказвалі савецкім воінам усебаковую дапамогу. Многія былыя партызаны ўступілі ў рады  Чырвоанй Арміі і працягвалі гнаць ворага да самага Берліна. На вызваленай тэрыторыі аднавілася савецкая ўлада. Працаўнікі раёна сабралі сродкі на пабудову танкавай калоны, якую назвалі “Адказ пружанцаў”.

Вялікая перамога над жорсткім ворагам была заваявана дарагой цаной. На розных франтах вайны змагалася больш за 8 тысяч жыхароў Пружаншчыны. Больш за 2,4 тысячы з іх загінулі і прапалі без вестак. Двум нашым землякам было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Гэта генерал-лейтэнант Сяргей Антонавіч Бабрук, ураджэнец  в. Шубічы, і палкоўнік Міхаіл Васілевіч Хацімскі, ураджэнец г.п. Шарашова.

Незлічоныя страты і пакуты прынесла вайна нашаму народу. У выніку бамбардзіровак, карных аперацый былі знішчаны мірныя жахары, спалены жылыя дамы, спалены цэлыя вёскі. Горад Пружаны ляжаў у руінах. Многія вёскі і хутары выглядалі мёртвымі. Патрэбны былі велізарныя намаганні для таго, каб аднавіць разбураную вайной народную гаспадарку.

Мацэюк А.В., адвакат, загадчык юрыдычнай кансультацыі
Пружанскага раёна

Поделиться:
Share

Спасибо!

Администратор был уведомлен о найденной ошибке

Закрыть